Астравец

1. Пахаванне

1 этап. Момант смерці.

Развіцё з памерлым – пахаванне – доўжыцца тры дні.

Калі чалавеку суджана адысці, бачна што ён памірае, трэба даць яму ў рукі запаленую грамнічную свечку. Маліцца пры паміраючым трэба спакойна, не рабіць ляманту.

Як толькі чалавек памірае, яго трэба перажагнать, памаліцца і тры разы прагаварыць: “Свенты Яфім і Анна, аддае вам та душа у ваша рэнца”. У правую руку ўкладваецца свечка. Адразу пасля смерці чалавека ўсе прысутныя каля яго — хрысцяцца і моляцца за нябожчыка. Абавязкова глядзяць, каб у памершага былі закрытымі вусны і вочы, каб не забраў з сабой яшчэ каго-небудзь. Пярсценкі, завушніцы, гадзіннік — усё гэта трэба зняць, у труну класці нельга.

2 этап.  Падрыхтоўка нябожчыка да пахавання.

З наступленнем смерці ў хаце спыняюць гадзіннікі, закрываюць люстэркі белым палатном, каб нябожчыку на тым свеце было светла. Потым памерлага пачынаюць мыць і пераапранаць у пасмяротнае, загадзя падрыхтаванае адзенне. Калі памірае малое дзіця,  яго ўкручваюць у пялёнкі. Калі дзіця хрышчонае, то яго апранаюць у белую хрысцільную кашулю. Галоўку затуляюць чэпчыкам. Дзяцей старэйшых апранаюць проста ў прыгожае адзенне: сукеначкі і касцюмы. Незамужнюю дзяўчыну апранаюць у белую вясельную сукенку. Валасы ў прычоску не збіраюць, а накідваюць вэлюм. Таксама прынята вымаць цвікі з абутку, у якой будуць хаваць дзяўчыну.

Абмываюць нябожчыка  жанчыны сталага ўзросту або далёкія сваякі ці суседі. У час мыцця ў ваду сыпалі соль. Забаранялася, каб у пакоі, акрамя тых хто мылі, прысутнічаў яшчэ хто-небудзь. Ваду пасля абмывання памерлага вылівалі каля вугла хаты на вуліцы.

Зэдлі — шырокія лавы, на якіх памерлы ляжыць да пераносу яго ў труну, ставяць пасярод хаты. Сцеляць на іх цюфяк, які пакрываюць толькі цёмным дываном (посцілкай). На дыван клалі памерлага.

Рукі нябожчыка складваюцца на грудзях крыжам. У галавы нябожчыка запальваюць дзве свечкі і ставяць крыж. Свечкі павінны былі гарэць увесь час, асвячаючы тым самым дарогу на той свет. На руку ложаць насоўку (насавы платочак), якая была з памерлым пры жыцці, з ёй  ён і пойдзе на той свет. Таксама – ружанчык і абразік. Можна было класці шкапляры — два прамавугольныя кавалачкі матэрыі, на якія нанесеныя рэлігійныя выявы, змацаваныя паміж сабой шнурамі на руку ці шыю. Пад плечы і галаву нябожчыка кладуць падушку, якую спецыяльна робяць з ваты. Цела пакрываюць прасцінай. Родныя рыхтуюць для нябожчыка свечку, абразік, платок. Як толькі чалавек памірае, родныя просяць мясцовых майстроў зрабіць труну і крыж. Труну абкурваюць зёлкамі, свенчанымі на “Гаспажу” (дата святкавання 15 жніўня). Такія ж зёлкі кладуць у падушку ў труне, затым іх запальваюць і абносяць вакол галавы. Да крыжа прыбіваюць маленькі мынку – маленькае распяцце Хрыста і чорную стужку.

3 этап. Другі дзень

Родныя пасля смерці запрашаюць спевякоў. Спявачкі каля труны адразу кленчаць і мовяць  “пацеры” за душу нябожчыка. Пасля ўстаюць і спяваюць “Анёл Панскі”. Затым спявачкі садзяцца за стол, засцелены тканым абрусам, і пачынаюць спяваць “До тебе, Пане, покорне воламы, Азы выліваюць сэрдэчне”, “Вышла, вышла душа з цяла”. Спяваюць да вечара. Ноччу родныя застаюцца з памерлым. Памерлага нельга было пакідаць аднаго ў пакоі на ноч, абавязкова хтосьці са сваякоў павінен быў знаходзіцца побач і не спаць. Каб душа не адчувала сябе адзінокай і магла развітацца з “цялам”. Людзі, якія на працягу дня заходзяць у хату развітацца з нябожчыкам – кленчаць, мовяць “Анёл Панскі”.

4 этап. Трэці дзень.

Загадзя родныя нябожчыка дамаўляюцца з трыма-чатырма чалавекамі, якія будуць капаць магілу. Адразу пасля поўдня спявачкі пачынаюць адпяваць памерлага. Для гэтага ў хату з нябожчыкам прыходзіць  ксёндз.  Пасля адпявання труну з целам памерлага выносяць з хаты. Робяць гэта звычайна чужыя для сям’і нябожчыка  людзі. Труну накрываюць белым палатном, на верх якога кладуць саматканы цёмны дыван. Выносяць нябожчыка “нагамі ў перад”. Калі былі цяжарныя жанчыны, то яны ішлі наперадзе працэсіі разам са спявачкамі, каб дзіця не нарадзілася памерлым. За труной ішлі сваякі, сябры, знаёмыя. Труну звычайна неслі адкрытай. Падчас пахавальнай працэсіі па маршруце ад хаты да касцёла выходзілі з хат гаспадары, каб развітацца з памерлым. Нованароджаных будзілі ў гэты момант, каб малое дзіця “не заснула навечна”. Машыны, якія везлі труну, усцілалі яловымі веткамі, так жа і ў двары нябожчыка. У касцёле на дыван ставілі труну, палатном яе накрывалі, пасля імшы дыван і палатнотно астаўлялі ў касцёле. Ручнік вешаюць на крыжы на магіле.

Адразу пасля вынасу памерлага з касцёла, званілі ў званы. Менавіта ў гэты момант, па павер’і, душа пакідае дом. Працэсія накіроўваецца на могілкі  ў тым жа парадку, што і з хаты ў касцёл, толькі на могілках разам са “слугамі Божымі”. Па дарозе да могілак спяваюць “Хто сень во апяке”. Калі могілкі знаходзяцца недалёка, нябожчыка нясуць на руках, а як аддалена ад вёскі — вязуць на машыне. Наперадзе пахавальнай працэсіі адзін з мужчын нясе надмагільны крыж, за ім ідуць спявачкі. За труною ідуць блізкія, родныя памерлага:  бацька, маці, жонка, муж і іншыя. Замыкаюць пахавальную працэсію аднавяскоўцы, знаёмыя, сябры нябожчыка.

На могілках усе разам моляцца, пры гэтым труна закрытая, стаіць на краі магілы. Пасля ксёндз асвяшчае месца пахавання, крыж і труну тры разы і кідае тры жмені зямлі ў магілу. Хрысціцца і адыходзіць. Пасля гэтага сваякам дазваляецца адкрыць труну і развітацца з памерлым, пасля чаго труну забівают і апускаюць ў магілу, у якую кідаюць і рэшкі абгарэлых свечак (якія падчас адпявання стаялі ў хаце). Кожны з прысутных на пахаванні павінен кінуць тры жмені зямлі ў магілу.

Закапваюць яму і ставяць крыж тыя  людзі, што яе і капалі. На заканчэнне ксёндз акрапляе святой вадой магілу, пасля чаго мовіць з прысутнымі “Ружанец”. Пасля могілак усе вяртаюцца ў хату нябожчыка на жалобны абед. Прыйшоўшы з могілак, усе павінны памыць рукі. Садзяцца за стол, запальваюць свечку і моляцца: “Езу з Тронца, для енцэ, крывавы пот выліваенцэ”. У канцы абеду спяваюць “Анёл Панскі” і, перажыгнаўшыся,  разыходзяцца па сваіх хатах.

  • 40 дзён у хаце памерлага закрыты люстэркі і астаноўлены гадзіннікі.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

 

 

 

 

2. Хрэсьбіны

1 этап.

Запрашалі на Хрэсьбіны суседзяў, родных, сяброў, бабку-павітуху.  Збіраюцца запрошаныя госці на Хрэсьбіны ў суботу, бліжэй да вечара – час, калі дзіця ўжо было пахрышчана ў касцёле. “…У касцёл едуць кумы з бацькамі. Там ксёндз гаворыць малітвы “ойча наш”, “здровась Марыя”, абмывае святой вадой дзіця…”.  Калі хрысцяць дзяўчынку, то яе трымае ў час хросту кума, а калі хлопчыка – кум. Перад тым, як ехаць у царкву, бабка-павітуха або маці купалі дзіця, апраналі ва ўсё белае, перавязвалі чырвоным поясам-абярэгам і тройчы па сонцы абносілі вакол стала, каб ён паважаў бацькоў і не цураўся роднай хаты. На стале ў гэты час на ручніку ляжалі хлеб і соль. Каля парога хаты дзіця перадавалі хросным бацькам са словамі: “Бярыце дзіця нехрышчанае, а прывязіце хрышчанае”, або “Даём вам народжанае, а нам прынясіце хрышчанае”. Бацькі благаслаўлялі дзіця хлебам-соллю. Кум і кума цалавалі хлеб і тройчы кланяліся бацькам. Перад тым, як выйсці за парог, кум і кума абавязкова прысаджваліся на хвілінку. У дарогу кум і кума бралі хлеб, соль, іншыя прадукты, каб іх хрэснік заўсёды быў, як кажуць, і з хлебам, і з соллю.

2 этап.

Пакуль у касцёле выконваўся абрад хрышчэння, у хаце рыхтаваўся святочны абед. Пасля хрышчэння ў касцёле, дзіця прывозілі да хаты і адразу ж закрывалі ў скрыню, каб не было злодзеем і расло багатым. Па прыезду кумам патрэбна было папрасіць у гаспадароў чаго-небудзь паесці, каб дзіця, падрастаючы, добра ела. Пачыналася дарэнне: ў якасці падарункаў запрошаныя госці звычайна прыносілі для нованароджанага грошы. Як госці збяруцца, усе садзяцца за стол. Кумы сядаюць разам, вельмі шчыльна адзін каля аднаго, для таго, каб у дзіцяці зубы раслі роўнымі і шчыльнымі.

Праз некаторы час пасля пачатку застолля разгортвалася гульня: бацькі прыносілі  кумам укручаную ў пялёнку ляльку, ката або нешта іншае, і абавязкова – дзіця. Трымалі ўсіх у руках. Хросным бацькам неабходна было пазнаць/адгадаць дзіця. За пазнанне дарылі грошы. Пасля чаго хрэсніка неабходна было “пакрыць” – запальвалі свечку, як сімвал жыцця, і накрывалі дзіця белым палатном, каб жыццё было светлым і радасным. Заканчвалася застолле “бабінай кашай”. Кашу варыла бабка-павітуха (яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя яна прымала роды, была галоўным персанажам у абрадах, звязаных з першым годам жыцця дзіцяці, у тым ліку і на Хрэсьбінах. Сёння яе ролю можа выконваць адна з бабуль дзіцяці або самая старэйшая жанчына ў сям’і. Галоўнае, каб яна не была бяздзетнай або ўдавой). Перш, чым паставіць гаршчок з кашай на стол, бабка-павітуха прасіла за яе выкуп. Госці пачыналі актыўна таргавацца, але верх заўсёды быў за хроснымі бацькамі. Бацька дзіцяці  павінен быў так паставіць гліняны гаршчок на стол, каб той раскалоўся на некалькі частак. Пасля гэтага кожны з прысутных за сталом браў па лыжцы кашы. Гулянне працягвалася да вечара песнямі і танцамі.

3 этап.

На другі дзень Хрэсьбін зноў збіраліся госці (кумы, родныя, суседзі) і пераапраналіся ў “цыганоў”: яркае адзенне, вымазваліся ў сажу, бралі з сабой пачастункі, гарэлку і хадзілі па вёсцы з песнямі і жартамі. Бралі з сабой і  бабку-павітуху, якую  садзілі ў воз і вазілі яе па вёсцы. Заходзячы ў хату, “цыганы” цішком “кралі” ў гаспадароў хат альбо вянок цыбулі, дзежку і іншыя прылады ці гародніну, усё складвалі ў воз да бабулі. Пасля абыходу вёскі бабку-паітуху везлі “тапіць” у мясцовы вадаём – саджалку, рэчку ці роў. Высаджвалі яе з возу, пасля маглі абліваць адзін аднаго вадой, а затым вярталіся ў хату працягваць святкаванне з  “накрадзеным”.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)