Масты

1. Калядкі

Вечарам напярэдадні Каляд дзяўчаты і хлопцы  збіраюцца для абыходнага абраду па вёсцы, апранаючыся ў загадзя вызначаныя касцюмы цыганоў, казы, мядзведзя, запрашаюць  музыкантаў.  Калядоўшчыкі, ідучы па вуліцах, спыняюцца з песняй каля кожнага двара, гаспадары якіх  павінны запрасіць іх да сябе ў хату. Па мясцовым павер’і, калі калядоўшчыкі зойдуць у хату, гаспадарам будучы год прынясе шчасця і дабрабыт.

Калядоўшчыкі спачатку наведваюць хату мясцовага святара, дзе атрымліваюць благаславенне на абыходны віншавальны абрад. Абыход вёскі адбываецца з хаты ў хату з песнямі:“А ў гаспадара пасярод двара”,”На гары цыганы стаялі”.  Гурт уваходзіць у хату з віншавальнай песняй, с пажаданнямі гаспадарам і іх дзецям добрага ўраджаю, дабрабыту, здароў’я.  Пасля выканання  песні, калядоўшчыкі рассыпаюць  зерне, прыгаворваючы:

 Святкуем калядкі –

 Лавіце зярняткі!

 Лавіце рукой,

 Каб быў добры  настрой!

 Каб моцна грэла сонца —

 Кіну ў аконца.

 Майце ўсяго даволі,

 А бяды ніколі.

 Нікога не хвалюўце,

 А ўсім святло даруйце!

Калядоўшчыкі звяртаюцца да казы:

 А ну, Каза, павярніся.

 Гасцям добрым пакланіся!

Далей пачынаецца тэатралізаваная дзея “Каза” пад песню “Го-го-го, каза”. Падчас  яе  спеву  каза выконвае дзеянні, якія гучаць  у песні.

Пасля “Казы” адзін з калядоўшчыкаў кажа: “Хто з казою патанцуе, таму ў годзе пашанцуе”. Усе прысутныя становяцца вакол казы ў карагод і праводзяць гульню з казой:

       Ішла каза, ды каза,

       Ды па ельнічку,

       Запрашала ўсіх на вяселлечка!

Пасля гэтых слоў Каза спыняецца насупраць аднаго з удзельнікаў (першы – гаспадар хаты), які становіцца ўслед за казой. Затым  гэтыя двое рабілі паварот  у супрацьлеглы бок  і той, хто быў за казой – аказваўся першым і зноў пачыналася гульня са словамі: “Ішла каза, ды каза”. І так магло доўжыцца, пакуль усе прысутныя ў хаце не стануць у шэрэнгу за Казой.

Пасля гульні Каза, стаміўшыся, нечакана  падае на падлогу. Адзін з калядоўшчыкаў кажа: “Хіба наша каза памерла! (Звяртаючыся да гаспадароў) — трэба яе пачаставаць! Дайце рэшата жыта, каб каза была сыта!   Мерачку аўса, наверх каўбаса! І тры кускі сала, каб каза ўстала!”. Каза ўстае і скача, а на змену ёй ўваходзіць пад музыку мядзведзь. Калядоўшчыкі даюць яму розныя заданні: “Мішка, пакажы, як дзеткі ў школу збіраюцца?”, “Як кашу ядуць?”, “Як дзяўчаты перад люстэркам прыхарашваюцца?”, “Як хлопец дзяўчыну абдымае?”. Мішку за яго старанне гаспадары адорваюць падарункамі.

Пасля тэатралізаваных дзей калядоўшчыкі павінны патанцаваць з гаспадарамі “Польку”,” Нарэчаньку”, “Лысага” і пагуляць у  гульню “Машу”. Пасля ўсіх гульняў калядоўшчыкі кланяюцца гаспадыні, прыгаварваючы: “Ты гаспадыня хараша, даставай     панчоху грошай – дары каляду! мерачку аўса, паверх каўбаса! козачцы на рожанькі па два пірожанькі! мядзведзю на хвасточак  — сала кусочак! да гэтага прысмаку — кошычак маку!

Гаспадары частуюць калядоўшчыкаў: салам, мёдам, каўбасамі, пірагамі, квасам і іншымі прысмакамі. На прыканцы абрада калядоўшчыкі жадаюць гаспадарам багацця, здароў’я, сямейнага ладу і з песняй “На нова лета” выходзяць з хаты, накіроўваючыся да наступнай. Пасля абыходу вёскі гурт калядоўшчыкаў збіраўся ў хаце аднаго з удзельнікаў і гулялі амаль да рання.  

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)