Смаргонь

1. Вялікдзень

Вербная нядзеля

За тыдзень да Вялікадня, у Вербную нядзелю, у храмах асвячаюцца галінкі вярбы. Прыйшоўшы дадому, імі спачатку сцёбаюць дзетак, а затым дарослых, прыгаварваючы:

Верба б’е, не я б’ю,

Вялікдзень за тыдзень,

Велька ноч за сем ноч,

Будзь здароў, як вада,

І расці, як вярба.”

Гэтымі ж галінкамі гаспадар “сцёбаў” жывёл у хляве, пладаносныя дрэвы, пасля чаго вярба клалася на покуці за абразы. Леташняя вербачка не выкідвалася, а ўторквалі яе пад страху ў хляве, а зусім старую спальвалі на агародзе перад пасадкай.

І ЭТАП – ПАДРЫХТОЎКА ДА СВЯТА

Пасля Вербнай нядзелі ўсе старанна рыхтуюцца да свята уваскрашэння Хрыста. У чацвер, які на в. Пагарэльшчына называюць “чысты чвартак”, усе старанна вымываюць і хату, і самі. Але галоўным дзеяннем кожнага ў гэты дзень з’яўлялася тое, што патрэбна ўстаць на ўсходзе сонца і памыцца ці абцерціся менавіта халоднай вадою,  “…каб ніякая хвароба не прыстала”.

У “піраговую суботу” гаспадыні пякуць пірагі, пасхі, вараць і фарбуюць яйкі, рыхтуюцца сытныя стравы, якімі можна будзе разгавецца ў Велікодную нядзелю. Вельмі важнае значэнне надаецца пафарбаванаму яйку, менавіта яно з’яўляецца галоўным сімвалам і абярэгам Вялікадня. Яйкі фарбуюцца ў чырвоны колер –  “колер крыві Хрыста”. А калі ў сям’і жалоба — яйкі фарбуюць у сіні колер.

ІІ ЭТАП – 1 ДЗЕНЬ ВЯЛІКАДНЯ    

Па ўспамінах Генрыха Клуйшы (1928 г.н., католік): “Раніцай, на Вялікдзень, мама будзіла ўсіх нас, каб мы паспелі ўбачыць, выбегшы на двор, як сонца грае, узыходзячы. Мама казала, што хто з дзяцей першым убачыць сонца на Вялікдзень, той шыбчэй расці будзе. Таму мы стараліся што найшпарчэй на самае высокае месца ўзабрацца, каб на сонца паглядзець. А яно, і сапраўды, то большым, то меньшым становіцца”. За сталом збіралася сям’я: бацька, маці, дзеці, бабуля і дзядуля. Раніцай, адразу пасля касцёлу, дзе бацька свенціў свянцонку (яйка, хлеб, соль, вяндліну, пірог), сядалі за стол, маліліся і пачыналі снедаць. Першым чынам бацька разразаў на адной талерцы свянцонае яйка (яек было некалькі ў залежнасці ад членаў сям’і), побач насыпаў свянцоную соль, “жыгнаўся”, першым еў свянцонку, а пасля перадаваў талерку ўсім прысутным за сталом. Кожны з членаў сям’і рабіў тое ж самае. Пасля гэтага пачыналася сапраўднае застолле, падчас якога дарослыя спявалі “Вясёлы нам дзень дзісь настаў”.

У гэты дзень усе віталіся словамі: “Хрыстус з мартвых встал” і адказвалі: “Праўдзівэ повстал”.

Характэрна для в. Пагарэльшчына, як і для Смаргоншчыны ўвогуле, валачобніцтва. Першымі з самай раніцы, пасля святочнага снедання, пачынаюць абыходзіць хаты дзеці  — “хадзіць у жакі” — з песняй “Я маленькі жачок”, заходзілі ў кожную хату і казалі шчырыя, святочныя пажаданні гаспадарам: “А бывай здароў, жыві сто гадоў” “А жыві болей, мей сто коней” “Хадзі каля нівак, мей сто свінак” а тыя, у сваю чаргу, адорваюць іх велікоднымі яйкамі, пірагамі і прысмакамі.

Пазней, надвячоркам, па вёсках пачынаюць вандраваць валачобнікі. На Смаргоншыне іх называлі  “валоўнікамі”. Валоўнікі таксама хадзілі па дварах з песнямі, пажаданнямі, але ў адрозненне ад дзяцей, у гурце дарослых быў механоша, музыка, якія іграў на гармоніку, у хату не заходзілі, а стукалі ў акенца і  пыталі: “Ці можна хату павесяліць?”. І калі атрымлівалі дазвол, спявалі пад вокнамі ці каля ганка  вялікодныя песні “Хадзілі, блудзілі мы, валоўнікі”, “Вясёлы нам дзень настаў”, “Валачобнікі валачыліся”.

У гурце былі мужчыны і жанчыны рознага ўзросту, колькасць валачобнікаў – ад пяці і болей  чалавек. Пасля абыходу вёскі валоўнікі збіраліся ў адной хаце і ладзілі гулянне. Частаваліся прысмакамі, якія атрымалі ад сваіх аднавяскоўцаў. Танцавалі розныя беларускія танцы: “Кракавяк”, “Падыспань”, “Лявоніху” “Лысага” і г.д.

Наступныя два дні (аўторак, серада) пасля Вялікадня з’яўляюцца святочнымі. Людзі з раніцы наведваюць касцёл, а затым клічуць у госці сваякоў, альбо самі наведваюць родных і блізкіх.

Хросных бацькоў запрашалі ў госці і частавалі вялікоднымі прысмакамі.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

 

 

2. Вяселле

Кавалерскі вечар

Дзявічнік, Зборная субота

Выпяканне каравая

І ДЗЕНЬ ВЯСЕЛЛЯ

Зборы маладой

Зборы маладога

Прыезд маладога да маладой

Благаслаўленне

Сустрэча маладых пасля шлюбу

Пераезд да маладога

ІІ ДЗЕНЬ ВЯСЕЛЛЯ

Вяселле ў маладога

Дарэнне і дзяльба каравая

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)