1. Закліканне дожджу
Першы дзень:
Дзяўчаты і маладыя жанчыны зранку збіраюцца ў адной з хат вёскі, каб спрасці доўгую нітку з ільну. Яе прадуць усе дзяўчаты на сваіх калаўротах, а потым звязваюць у адну і скручваюць у вялікі клубок. З гэтай ніткай да заходу сонца дзяўчаты і маладыя жанчыны павінны абыйсці ўсю вёску з малітвай Прэсвятой Багародзіцы і са словамі: “Тонкая нітачка чыстага лёну, пакажы дождыку да нас дарогу”.
Пасля абыходу вёскі (вечарам) усім гуртом накіроўваліся да бліжэйшай крыніцы ці вадаёма, дзе дазвалялі дзецям (дзяўчынкі да 12 гадоў – “чыстыя”, цнатлівыя) аблівацца вадой. Дзеці аблівалі адзін аднаго і ўсіх прысутных прыгаворваючы:
- Дождык, дожджык, крапяні, жанчын з поля прагані!
- Дожджык, дожджык, крапяні, зямлю вадою напаі!
- Дожджык, дожджык, крапяні, нас да дому прагані!
Пасля гэтых дзеянняў дзеці адпраўляліся да дому, а дзяўчаты і маладыя жанчыны – ткаць гібу – палатно са спрадзенай за ноч ільняной ніткі.
Другі дзень:
За ноч, да ўсходу сонца, патрэбна з вялікага клубка нітак, што пралі напярэдадні, саткаць гібу — кавалак палатна шырынёй каля 35 см, даўжынёй – да 5 метраў. Выткаўшы кавалак палатна, рэзалі яго на ручнікі. Ручнік даўжынёй прыкладна два з паловай альбо тры метры выкарыстоўвалі для абраду, астатні кавалак палатна дарылі гаспадыні хаты, у якой ткалі гібу.
Зранку дзявоцка-жаночы гурт у цішы і моўчкі адпраўляецца да калодзежаў – спачатку да таго, у чыёй хаце ткалі гібу, а потым да астатніх у вёсцы. Так абыходзілі дзевяць калодзежаў. Ручнік нясуць тыя, хто ткаў. Дзяўчаты вешаюць яго на калодзеж, а старэйшая жыхарка вёскі, якая, дарэчы, у гэты дзень не павінна была ні з кім гаварыць, не аглядаючыся, жагнаецца каля калодзежа і сыпле ў яго тры “шчопці” маку, чытаючы пры гэтым малітву да Багародзіцы. Яшчэ адна з замужніх жанчын павінна да гэтага дня зварыць рэдкі боршч, які пасля малітвы каля кожнага з калодзежаў патрошкі будзе выліваць са словамі:“На, табе, боршч, а нам пашлі дождж”. Такім чынам неабходна абыйсці дзевяць калодзежаў у вёсцы. Ручнік, як ахвяраванне, пасля абыходу неслі да вясковага крыжа і павязвалі на ім.
Трэці дзень:
Старэйшыя жанчыны ішлі да царвы і “заказвалі” службу, на якую збіраліся ўсёй вёскай. Калі хто не мог прыйсці, маліўся ў сваёй хаце. Калі здаралася так, што на першы ці другі дзень пасля рытуальных дзеянняў пайшоў дождж, то на другі/трэці дзень нічога не рабілі, каб не выклікаць працяглага дажджу ці ліўняў.
2. ЗЯЛЁНЫЯ СВЯТКІ
Пасля абедні некалькі старэйшых, абавязкова замужніх, жанчын збіраліся разам і пачыналі абыходзіць усю вёску, па хатах, збіраць яйкі ад суседак у кашы. Але яйкі збіралі абавязкова белага колеру (на доўгае і добрае жыццё, бо белы колер – сімвал чысціні). Кожная гаспадыня старалася ахвяраваць яйкі. А некаторыя нават ахвяроўвалі каўбасу, сала і цыбулю. Затым жанчыны ішлі ў гай, збіралі сухія бярозавыя галіны і раскладалі вогнішча. Продкі верылі ў магічную сілу бярозы. Затым на вогнішчы ладзілі патэльню і пяклі яешню, пакуль маладыя дзяўчаты вадзілі “Куста” па вёсцы (дзяўчыну ці маладую жанчыну ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі і вадзілі па вёсцы, абыходзячы ўсе двары, спявалі абрадавыя песні, у якіх славілі гаспадароў, іх дзяцей, жадалі ім здароўя і дабрабыту). Пасля дзяўчаты з падарункамі ішлі ў гай, дзе жанчыны іх частавалі спечанай яешняй і спявалі песні.
































